СМОЛІЧ Аркадзь Антонавіч
(29.09.1891, в. Бацэвічы Бабруйскага пав. – 17.06.1938, Омск), дзеяч Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, прафесар. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Нова-Аляксандраўскі інстытут сельскай гаспадаркі ў Польшчы, вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. Сябар Беларускай сацыялістычнай грамады (1910), увайшоў у склад ЦК. Рэдактар газеты “Грамада”. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езду (1917). Удзельнік абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, намеснік старшыні Рады БНР, народны сакратар земляробства. Вёў перамовы па прызнанню Беларускай Народнай Рэспублікі ў Кіеве, Варшаве, Берліне. Першы старшыня Таварыства беларускай школы (ТБШ). У жніўні 1922 г. вярнуўся ў Мінск з Вільні. Заснаваў часопіс “Плуг”. Намеснік старшыні Інбелкульта (1926), удзельнічаў у стварэнні Акадэміі навук, распрацоўваў яе першы статут. Працаваў загадчыкам кафедры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, загадчыкам аддзела Наркамзема БССР. Арыштаваны 26.06.1930 г., адпаведна пастановы КАД ПУБ высланы ў Пермскую вобл., затым у г. Ішым (Расія). Праходзіў па справе “Саюз вызвалення Беларусі”. Пастановай “тройкі” УНКУС па Омскай вобл. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Омску 17.06.1938 г. Рэабілітаваны па першым прыгаворы Вярхоўным Саветам БССР 10.06.1988 г., па другім – Прэзідыумам Цюменскага абласнога суда 09.02.1957 г.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануюцца творы:
Мікола Змітравіч Рыжы (1953, Барысаў).
“Аркадзь Смоліч”. 1992.
Лінарыт. 32х21 см.
Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931, Мінск).
“Аркадзь Смоліч” з нізкі “Дзеячы Вялікага Беларускага Адраджэння”. 2005.
Кераміка, вашчэнне. 30х15 см.