СКАНДРЫКАЎ Сяргей Вячаслававіч
(9.10.1876, г. Мглін Чарнігаўскай губ. – 02.08.1953), грамадскі і палітычны дзеяч Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння (1902 – 1939), вучоны, журналіст. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях. Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1906). Прафесар, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. З 1931 г. на навуковай і педагагічнай працы ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбэ, Алма-Аце, Карагандзе (быў выселены з Беларусі). Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1904 – 1905 гадах пазнаёміўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам. Заснавальнік кніжнага таварыства “Мінчук”. Збярог жывапісныя творы Каруся Каганца “Тып беларуса”, “Зімовы пейзаж”. Жонка, Казіміра Яноўская, – актыўны дзеяч БСГ.
У Старадарожскім мастацкім музеі знаходзяцца творы:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Сяргей Вячаслававіч Скандрыкаў. Грамадскі і палітычны дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння Беларусі 1902 – 1939 гг. Адзін з заснавальнікаў БСГ”. 1993.
ДВП, алей. 40х30 см.
Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931, Мінск).
“Сяргей Скандрыкаў” з нізкі “Дзеячы Вялікага Беларускага нацыянальнага Адраджэння”. 2005.
Кераміка, вашчэнне. 30х15 см.