БЯДУЛЯ Змітрок
(Ясакар, Сымон Пустэльнік, Святагор, Ярыла Чырвоны; сапр. Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.04.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на – 1941), класік беларускай літаратуры. Працаваў хатнім настаўнікам. Першы друкаваны твор – “Спяваюць у начным” – выйшаў у газеце “Наша ніва”. У канцы 1912 г. З.Бядуля пераехаў у Вільню, працаваў сакратаром у выдавецтве газеты “Наша ніва”. Аўтар ранніх апавяданняў “Малітва малога Габрусіка”, “Злодзей”, “Гора ўдавы Сымоніхі”, “Пяць лыжак заціркі”, “Малыя дрывасекі”; рамана “Язэп Крушынскі”(1929 – 1931), аповесцяў “Салавей” (1927; экранізацыя 1937; аднаіменны балет М.Крошнера, 1939; інцэніровка пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы, 1937 і 1956), “Год за годам” (1930), “Набліжэнне” (1935), “У дрымучых лясах” (1939), “Сярэбраная табакерка” (1940), шматлікіх апавяданняў, лірычных мініяцюр у прозе. Часта выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі, удзельнічаў у культурным і палітычным жыцці Беларусі.
У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваецца партрэт:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Змітрок Бядуля. Дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння Беларусі. Пісьменнік”. 2002.
ДВП, алей. 40х30 см.