«НАША НІВА»
10 (23) лістапада 1906 г. ў Вільні выйшаў першы нумар беларускай грамадска-палітычнай, навукова-асветнай і літаратурна-мастацкай газеты “Наша ніва”. Газета мела нацыянальна-адраджэнчанскі накірунак. Заснавальнікамі былі браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і іншыя. У рэдакцыі газеты ў розныя гады працавалі С.Вольскі, А.Уласаў, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, В.Ластоўскі, Ядвігін Ш., С.Палуян, Алесь Бульба і іншыя. Газета аб’ядноўвала вакол сябе аўтараў, якія выступалі за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі. У газету пісалі звыш трох тысяч пастаянных і часовых карэспадэнтаў у губернскіх і павятовых гарадах, мястэчках, сёлах і вёсках Беларусі, Расіі, за мяжою.У першым праграмным артыкуле газеты адзначалася: “Наша ніва” – газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...” На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах рашуча выкрывалася антыбеларуская палітыка польскіх і расійскіх шавіністаў і антыбеларускі накірунак рэакцыйнага друку. “Наша ніва” – грамадскі інстытут беларускай культуры (правобраз Інстытута беларускай культуры – моцны падмурак у будучым Акадэміі навук БССР), выконвала ролю выдавецкага цэнтра ў Беларусі.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
НМБ Уладзімір Іванавіч Стальмашонак (1928, Мінск).
“Наша ніва”. Супрацоўнікі газеты. Да 100-годдзя заснавання”. 2006 – 2007.
Тэмпера, пласцік. 102х152 см.
1-шы рад: Рамуальд Зямковіч, Змітрок Бядуля, Вацлаў Іваноўскі, Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), Эдвард Будзька, Уладзіслаў Галубок, Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі);
2-гі рад: Янка Журба (Іван Івашын), Канстанцыя Буйло, Гальяш Леўчык, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Вацлаў Ластоўскі, Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая), Максім Гарэцкі, Кастусь Каганец (Казімір Кастравіцкі);
3-ці рад: Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала, Магдалена Радзівіл, Аляксандр Уласаў, Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Сяргей Палуян, Хвёдар Імшэнік.