ПАЛУЯН Сяргей Епіфанавіч
(псеўд. С.Ясяновіч, С.П., П.Ян; 19.10.1890, м. Брагін Рэчыцкага пав. Мінскай губ. – 20.04.1910), публіцыст, празаік, літаратуразнаўца, крытык дэмакратычнай накіраванасці. Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, Літоўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Літве, Кіеве. Супрацоўнічаў у беларускай газеце “Наша ніва” і ў украінскіх перыядычных выданнях. Аўтар празаічных твораў, артыкула “Аб нацыянальнай школе ў Беларусі”, рэцэнзіі на кнігу “Другое чытанне для дзетак беларусаў” Якуба Коласа. Падтрымліваў творчыя пошукі Янкі Купалы, Якуба Коласа, М.Багдановіча, Цішкі Гартнага і інш. Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы, культуры; падтрымліваў духоўнае адраджэнне іншых нацый – чувашоў, якутаў, украінцаў. Скончыў жыццё самагубствам. Янка Купала прысвяціў памяці С.Е.Палуяна паэму “Курган” і верш “Памяці С.Палуяна”, М.Багдановіч – вершы “С.Палуяну”, Ядвігін Ш. – верш у прозе “Раны”.
У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваецца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942. Мінск).
“Сяргей Палуян. Публіцыст, крытык, супрацоўнік “Нашай нівы”. 1994.
ДВП, алей. 40х30 см.