АНІСЬКА Анатоль Іванавіч
(22.06.1941, в. Рыча-Дзяржаўная Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. – 13.05.2007 г.), інжынер-хімік, шахматыст. Сябар клуба “Спадчына” (1988). Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1966). Малодшы навуковы супрацоўнік, старшы інжынер-тэхнолаг Інстытута фізіка-арганічнай хіміі АН БССР (1966 – 1970). Супрацоўнік нафтагазавай лабараторыі Беларускага навукова-даследчага геолага-разведачнага інстытута МНС (1970– 1976). У1976 – 1979 гадах загадчык лабараторыі, старшы навуковы супрацоўнік на кафедры аховы працы і навакольнага асяроддзя Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М.Кірава. Інжынер аддзела экалогіі энергетыкі Беларускага аддзялення Усесаюзнага навукова-даследчага і праектнага інстытута энергапрама (1979 – 1997). Ва ўсіх інстытутах займаўся навукова-даследчай працай. Член грамадзянскага аб’яднання Беларускае таварыства інвалідаў. Член Цэнтральнага Савета БелТІ (1992 – 1997). Асноўны накірунак працы ў ГА БелТІ – сацыяльная рэабілітацыя інвалідаў. За працу ў ГА БелТІ неаднаразова атрымліваў граматы і ўдзячныя лісты.Удзельнік раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтваў па шахматах і шашках. Узнагароджаны шматлікімі дыпломамі за перамогі ў спартыўных спаборніцтвах.
За дабрачынную і самаахвярную дзейнасць на карысць беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Герба “Пагоня” (23.09.2005) і адпаведным дыпломам. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.
У Старадарожскім мастацкім музеі знаходзіцца адмысловы стэнд з яго граматамі, атрыманымі за прызавыя месцы ў шахматных спаборніцтвах Беларусі і прысвечаныя яму мастацкія творы:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Партрэт інжынера-хіміка, шахматыста, сябра клуба “Спадчына” Анатоля Аніські”. 2006.
ДВП, алей. 40х30 см.
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
Групавы партрэт “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”. 2006.
ДВП, алей. 80х60 см.