РАК-МІХАЙЛОЎСКІ Сымон Аляксандравіч
(02.04.1885, в. Максімаўка Вілейскага пав. – 27.11.1938, Мінск), дзеяч Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, педагагічны інстытут у Феадосіі (1912). Працаваў настаўнікам. Удзельнік 1-й сусветнай вайны. Сябар Беларускй сацыялістычнай грамады, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і яе вайсковай камісіі. Заснавальнік і дырэктар беларускай настаўніцкай семінарыі ў м. Баруны Ашмянскага уезда (1920). Дэпутат (пасол) польскага сейма, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады і намеснік старшыні ЦК (1922). Адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. 15.11.1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 12 гадоў турмы. У 1931 г. па абмену палітвязнямі пераехаў у Мінск. Працаваў дырэктарам гістарычнага музея. Арыштаваны 16.08.1933 г. па сфабрыкаванай справе “Беларускі нацыянальны цэнтр”. Пастановай КАД ПУБ 09.01.1934 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі на 10 гадоў папраўча-працоўнага лагера на Салаўках. Зноў арыштаваны 05.09.1937 г. Вытрымаў нялюдскія катаванні. Расстраляны 27.11.1938 г. Рэабілітаваны Ваенным трыбуналам БВА 16.08.1956 г. “за адсутнасцю саставу злачынства”.
У Старадарожскім мастацкім музеі знаходзяцца творы:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Рак-Міхайлоўскі”. 1993.
ДВП, алей. 40х30 см.
Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931, Мінск).
“Сымон Рак-Міхайлоўскі” з нізкі “Дзеячы Беларускага нацыянальнага Адраджэння”. 2005.
Кераміка, вашчэнне. 30х15 см.