ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ Вінцэт
(23.02.1903, Будслаў Мядзельскі р-н Мінскай вобл. – 14.02.1989. Бэры (Антарыё) Канада), дзеяч беларускай эміграцыі, педагог, гісторык, літаратуразнавец. Доктар філасофіі (1952). Доктарскую дысертацыю “Лірыка Янкі Купалы” абараніў у Атаўскім універсітэце. Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1922), Пражскі універсітэт (1927). Настаўнічаў у Вільні: выкладаў беларускую мову і гісторыю ў Віленскай беларускай гімназіі, беларускую мову ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук (1927 – 1939). Пасля заняцця горада Чырвонай Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, асуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). Вызвалены па амністыі (1942), у складзе арміі Андэрса ваяваў супраць нямецкіх фашыстаў. Выкладаў у вайсковых школах Італіі, потым Англіі (1945 – 1949). Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар часопісаў “Беларус на чужыне”, “На шляху”. З 1950 у Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ) арганізаваў і вёў беларускую секцыю радыё “Вызваленне”. З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны камітэт беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). Першы намеснік старшыні (1968), старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі у эміграцыі (1970 – 1982). Аўтар кнігі “25 сакавіка” (1918).
У Старадарожскім мастацкім музеі знаходзіцца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Партрэт старшыні Рады БНР Вінцэта Жук-Грышкевіча”. 1994.
ДВП, алей. 40х30 см.