logo01

logo01

АКУЛА Кастусь

(сапр. Качан Аляксандр Ігнатавіч; 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. – 29 студзеня 2008), празаік, паэт, драматург. Піша на беларускай і англійскай мовах. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У час нямецкай акупацыі настаўнічаў. Курсант Мінскай афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны (чэрвень 1944), з ёю ў гэтым жа годзе пакінуў Мінск. У французскім Супраціўленні (08.1944),  у 2-ім  польскім корпусе Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (12.1944).  За ўдзел у баях супраць немцаў узнагароджаны залатой “Зоркай Італіі”. Жыў у Англіі (1946 – 1947). Пераехаў у Канаду (1947). У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газету “Беларускі эмігрант” (1948 – 1954), часопіс беларускіх ветэранаў “Зважай” (1974 – 1997). У трылогіі “Гараватка” (“Дзярлівая птушка”, 1965; “Закрываўленае сонца”, 1974; “Беларусы, вас чакае зямля”, 1981) праз гісторыю беларускай вёскі з сімвалічнаю назваю Гараватка імкнуўся паказаць гістарычны лёс Беларусі – гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы “Змагарныя дарогі” (1962), “За волю” (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу беларускай моладзі ў складаных даваенных, ваенных і пасляваенных умовах у Беларусі і за мяжою, яе шляху да нацыянальнай самасвядомасці. У зборнік “Усякая ўсячына” (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіяграфічныя абразкі.

 

У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:


Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск),

“Партрэт пісьменніка, публіцыста, рэдактара часопіса “Зважай” Кастуся Акулы” 1993.

ДВП, алей 40х30 см

Hosted by uCoz