ШЧАМЯЛЁЎ Леанід Дзмітрыевіч
(05.02.1923, г.Віцебск), беларускі жывапісец. Народны мастак Беларусі (1983). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1959). Выкладчык Мінскага мастацкага вучылішча (1959), Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву (1968 – 1974). Працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу. Тэма гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўвасоблена ў палотнах “Цяжкія гады” (1965), “Маё нараджэнне” (1967), “Палявы трыбунал” (1974 – 1975), “Генерал Даватар” (1975), “3 ліпеня” (1977), “Першы дзень міру” (1981), “Люты 1942”, “Светлая памяць” (абодва 1974), “Ідзе вайна народная” (1975). Шматграннасць і маштабнасць асобы выяўлена ў карцінах “Кастусь Каліноўскі” (1975), “Вяртанне. Мікола Гусоўскі”, “Рэпін у Здраўнёве” (абедзьве 1980), “Народны паэт Беларусі Янка Купала” (1981), “Леся Украінка” (1983). Лірыка-эпічнае гучанне вылучае цыклы палотнаў “Край мой Міншчына”, “Ільны івянецкія” (абодва 1977), “Навала 22 чэрвеня 1941 года”, “Ліставей”, “Лета” (усе 1978). Псіхалагічная глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы творам пра сучаснікаў: “Настаўніца” (1969), Г.Вашчанкі (1980), В.Цвіркі (1982), “Каця малюе” (1985), “Алена Малочка” (1990), “Партрэт у інтэр’еры” (1995), “Святар” (2002) і інш. Выразныя і маляўнічыя краявіды: “Асенні кліч” (1975), “Вязынка” (1976), “Сосны”, “Студзень у Мінску” (абодва 1977), “Крыніца”, “У канцы студзеня”, “Напрадвесні”, “Лошыца” (усё 1978), “Вясна на Дзвіне” (1979), “Радзіма” (1981), “Зіма ў Ракаве” (1982); серыі “Новае поле” (1979 – 1982), “Лета ў Астрашыцкім” (1994), “Як быццам у сне”, “Караван”, “Цёплае лета” (усё 1995), “Снежань”, “Сакавік”, “Майскі вечар”, “Зіма ў Пінску” (1996), “Беларусы ў Вене” (1998). Аўтар нацюрмортаў “Цюльпаны” (1973), “Мёд” (1974), “Пасля канцэрта” (1975), “Крэсла бацькі”, “Кветкі зямлі” (абодва 1978), “Вязынка. У хаце паэта” (1982), “Учора і сёння” (1986), “Памяці 1794” (1993), “Восень” (1995), “Мой свет” (1996). Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.
Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Герба “Пагоня” (25.03.1997) і адпаведным дыпломам. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”; ганараваны асабістымі фарбамі і пэндзлікам Васіля Быкава.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
НМБ Леанід Змітравіч Шчамялёў (1923. Мінск).
“Аўтапартрэт”. 1968.
Палатно, алей. 69х64 см.