МУЛЯВІН Уладзімір Георгіевіч
(12.01.1941. г. Екацерынбург (Расія) – 26.01.2003, Масква), беларускі артыст эстрады, кампазітар. Народны артыст Беларусі (1979). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1980). Народны артыст СССР (1990). Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2001). Скончыў Свярдлоўскае музычнае вучылішча (1956 – 1958). Артыст Беларускай філармоніі (1962), мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага беларускага эстраднага ансамбля “Песняры” (1969). Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень з захаваннем і ўзбагачэннем лепшых традыцый народнай творчасці (“Касіў Ясь канюшыну”, “Па ваду ішла”, “А ў месяцы верасні”, “Рэчанька”, “Купалінка”, “Перапёлачка”, “А ў полі вярба”, “Каліна” і інш.) Сярод твораў: опера-прытча “Песня пра долю” (1972); вакальны цыкл “Я не паэта” (1981); песенна-інструментальная кампазіцыя “Песня – бясцэнны дар” (1982) на словы Янкі Купалы; музычны спектакль “На ўвесь голас” на словы У.Маякоўскага (1988); песенна-інструментаальныя кампазіцыі “Ванька – Устанька” на словы Я.Еўтушэнкі (1975), “Праз усю вайну” на словы беларускіх і рускіх паэтаў (1985), “Вянок Багдановічу” на вершы М.Багдановіча (1991); вакальная кампазіцыя “Крык птушкі” на словы Ю.Рыбчынскага; песні, у тым ліку, “Александрына”, “Завушніцы”, “Чырвона ружа”, “Ой, калядачкі”, “Балада пра чатырох заложнікаў”; музыка для драматычных спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола (1976). Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў савецкай песні (1973, першая прэмія), міжнароднага фестывалю песні “Залаты леў” (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю палітычнай песні ў Хельсінкі (1978). Гала прыз фірмы “Мелодыя” “Залаты дыск” (1982). Пахаваны ў Мінску на Маскоўскіх могілках.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931. Мінск).
“Медальён, прысвечаны кіраўніку і захавальніку музычнага ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну”. 2004.
Тэракота, вашчэнне. 34х23 см.