ГІЛЕВІЧ Ніл Сымонавіч
(30.09.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.), беларускі паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1991). Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча (1951), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956), аспірантуру (1959). Выкладчык беларускай літаратуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1960). Доктар філалагічных навук (1963), дацэнт (1968), прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навук Беларусі (1980). Галоўны рэдактар альманаха “Далягляды” (1975), уваходзіў у склад праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1976), старшыня фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур (1984), заснавальнік грамадскага аб’яднання Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны і яго старшыня (1984). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985), старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захоўвання гістарычнай спадчыны (1990). Узнагароджаны ордэнамі, Ганаровымі граматамі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Хрыста Боцева, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980). Аўтар зборнікаў лірыкі “Песня ў дарогу” (1957), “Вясна ідзе па зямлі” (1959), “Турбота” (1961), “Бальшак” (1965), “А дзе ж тая крынічанька?”; гумару і сатыры “Да новых венікаў” (1963), “Што грэх, што два” (1970) і інш; твораў для дзяцей (“Зялёны востраў”, 1963; “Дождж-грыбасей”, 1966; “Загадкі”, 1971); аповесці “Перажыўшы вайну”; рамана ў вершах “Родныя дзеці”; прац па даследаванню фальклора: “Паэтыка беларускай народнай лірыкі”, “Паэтыка беларускіх загадак, “Песні сямі вёсак”, ”Песні народных свят і абрадаў”, “Лірычныя песні”, “Лірыка беларускага вяселля” і інш. Шырока вядомы як перакладчык з многіх славянскіх моў і як аўтар зборніка п’ес для дзяцей “Начлег на буслянцы”. Думкі і пачуцці паэта пра мову і фальклор выказаны ў кнізе “Мой белы дзень” (1992), роздумы у вершах і прозе аб роднай мове на працягу 1947 – 1995 гадоў сабраны ў кнізе “Любоў прасветлая” (1996). Многія яго вершы паклалі на музыку кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, Ул.Буднік, Л.Глебаў, Л.Захлеўны і інш.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Яўген Мікалаевіч Ціхановіч (1911 – 2005. Мінск).
“Партрэт паэта, заснавальніка Таварыства беларускай мовы Гілевіча Ніла Сымонавіча”. 1993.
Сухая іголка. 22х16 см.