ЛУЧАНОК Ігар Міхайлавіч
(06.08.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.), беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973). Народны артыст Беларусі (1982). Народны артыст СССР (1987). Скончыў Беларускую кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), Ленінградскую імя П.І.Чайкоўскага (1965), аспірантуру Маскоўскй кансерваторыі (1971). Рэктар Беларускай кансерваторыі (1982 – 1986) . Старшыня праўлення Беларускага саюза кампазітараў (1980). Працуе ў розных жанрах (вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, найбольш плённа ў песенным). Асноўная вобразная сфера яго песеннай творчасці – лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нацыянальная самабытнасць. Сярод яго твораў: кантаты “Курган” на словы Янкі Купалы і “Салдацкае сэрца” (абедзве 1962), “Невядомы салдат” (1970), “Зоры над соснамі” (1981); паэма-легенда “Гусляр” (1979), вакальна-сімфанічная паэма “Вайна не патрэбна” (1983); уверцюра-фантазія для сімфанічнага аркестра (1975), струнны квартэт, саната для габоя і фартэпіяна (фп), саната і прэлюдыя для фп.; вакальныя цыклы “Сіні колер” (1965), трыпціх “Чалавеку патрэбна цішыня” (1966), цыкл рамансаў “О, Радзіма бацькоў” на вершы В.Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Танка, Ніла Гілевіча (1980), балада “Апасіяната” на словы Эдзі Агняцвет (1969), “Авэ Марыя” на словы М.Алтухова (1973); песні “Памяць сэрца”, “Мой родны кут”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Спадчына”, “Алеся”, “Вераніка”, “Верасы”, “Хатынь”, “Каб каменні маглі гаварыць”, “Пісьмо з 45-га”, “Зачарованая мая”, “Майскі вальс”, Світанак”, “Белы бусел”, “Я хаджу закаханы”, “Пакуль на зямлі існуе каханне”, “Мар’іна Горка”, “Дарагія мае старыя” і інш.; творы для хора і эстраднага аркестра, музыка для дзяцей, для драматычных спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. З канцэртнымі брыгадамі выязджаў у многія краіны свету (Венгрыя, ГДР, ФРГ, ЗША, Балгарыя, Польшча, Чэхаславакія, Куба, Вялікабрытанія, Францыя, Партугалія, Кіпр, Чылі, Японія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1967), прэмія Ленінскага камсамола (1972), Дзяржаўная прэмія Беларусі (1976).
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931. Мінск).
“Медальён, прысвечаны кампазітару Ігару Лучанку”. 2004.
Тэракота, вашчэнне. 34х23 см.