ЛЕВІН Леанід Мендэлевіч
(25.07.1936. Мінск), беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар Беларусі (1988). Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1966). Супрацоўнік інстытута “Мінскпраект”, кіраўнік архітэктурнай майстэрні (1980 – 1997)). Работы ў Мінску: інтэрнат трактарнага завода (1966), павільён Рэспубліканскага выставачнага цэнтра (1968), будынак былога гаркама КПБ (1979, цяпер Міністэрства замежных спраў), станцыі метро “Плошча Леніна” (1984) і “Няміга” (1990); праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра (1970 – 1975), праспекта Машэрава, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця (1980 – 1986, усё ў сааўтарстве). Працуе ў галіне манументальнага мастацтва: архітэктурна-скульптурныя мемарыяльныя комплексы “Хатынь” (Ленінская прэмія 1970), “Прарыў”, “Кацюша”, “Праклён фашызму” (усё ў сааўтарстве); помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу (Мінск, абодва 1972), К.С.Заслонаву (Орша,1964), падпольшчыкам Асінторфа, Ф.Конанавай у г. Любань (абодва 1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976) і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1967).
Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Міколы Шчакаціхіна “За братэрскае спрычыненне да развіцця культуры і навукі Беларусі” (25.03.2002) і адпаведным дыпломам. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануюцца творы:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942. Мінск).
“Партрэт архітэктара, лаўрэата Ленінскай прэміі Левіна Леаніда Мендэлевіча”. 2002.
ДВП, алей. 40х30 см.