logo01

logo01

МАЙСЕНЯ Людміла Іосіфаўна

(02.05.1955. в. Вялікая Ліпа Нясвіжскага р-на), беларускі матэматык і педагог. З сям’і сельскіх настаўнікаў. Адбылося гэта праз год пасля вяртання бацькі – Майсені Іосіфа Фёдаравіча – са сталінскага лагеру. Бацька выкладаў у школе англійскую мову, маці – Майсеня Леаніда Аляксандраўна – беларускую мову. У сям’і панавала атмасфера вялікай значнасці ведаў, духоўнасці, дэмакратыі, любові да роднай зямлі і яе каштоўнасцяў. У такой атмасферы і выхоўваліся дзеці – Людміла і яе малодшы брат Анатоль, будучы слынны беларускі журналіст. Скончыла Казлоўскую СШ з залатым медалём і паступіла на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка (у тыя часы – Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага). За ўсе гады не атрымала ні адной іншай адзнакі, акрамя “выдатна”.


Малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі (1976 – 1982). Аспірантка Беларускага дзяржаўнага ініверсітэта (1982 – 1985). Абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэорыі апраксімацыі (1987). Атрымала званне дацэнта (1990). Пасля заканчэння аспірантуры накіравана на працу ў Мінскі радыётэхнічны інстытут, дзе працавала 20 гадоў на кафедры вышэйшай матэматыкі. Як самую найлепшую, самую жаданую падзею, Л.І.Майсеня сустрэла незалежнасць роднай Беларусі і ўсю сваю энергію стала аддаваць беларусізацыі навучання. У ліку першых, пачынаючы з 1992 г., яна выкладала вышэйшую матэматыку на беларускай мове. Брала актыўны ўдзел у стварэнні матэматычнай тэрміналогіі, працуючы ў складзе аўтарскага калектыву “Русско-белорусского математического словаря” (Под общ. ред. Я.В.Радыно. Мн.1993). Звыш сямі гадоў ішла праца над “Матэматычнай энцыклапедыяй” на беларускай мове, у складзе рэдкалегіі і аўтарам якой была Л.І.Майсеня (Гал. рэд. В.Бернік. Мн. 2001). Мала якая краіна мае такое аўтарскае выданне на нацыянальнай мове. Паколькі на працягу звыш 60 гадоў не выдавалася літаратуры па матэматыцы для ВНУ на беларускай мове, то з пашырэннем беларускамоўнага выкладання ўзнікла вострая неабходнасць у такіх выданнях. Гэта было зроблена з удзелам Л.І.Майсені. Былі выдадзены 3 тамы падручніка “Курс вышэйшай матэматыкі” (першыя два тамы былі напісаны ў сааўтарстве: В.Русак і інш. Мн. 1994, 1997). Трэці том (Курс вышэйшай матэматыкі: Тэорыя функцый комплекснай зменнай. Аперацыйнае злічэнне. – Мн. 2003.) яна напісала адна. З 2003 г. Л.І.Майсеня – загадчыца кафедры матэматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа.

 

За вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай адукацыі  Камітэтам Ушанавання ганаравана медалём Язэпа Лёсіка “Рупліўцу на ніве беларускай адукацыі” (25.03.1998), медалём Барыса Кіта “За асягненні ў асветніцтве і навуцы” (2005) і адпаведнымі дыпломамі. Занесена ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.

 

У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваецца твор:

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

“Партрэт Людмілы Майсені”. 2001.

ДВП, алей. 40х30 см.

Hosted by uCoz