logo01

logo01

КАРАТКЕВІЧ Уладзімір Сямёнавіч

(26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. – 25.07.1984), пісьменнік, паэт, драматург, публіцыст.  Класік беларускай літаратуры. Скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта імя Т.Шаўчэнкі (1954) і Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962). Член Саюза пісьменнікаў БССР (1957).  Выдаў зборнікі паэзіі “Матчына душа” (1958), “Вячэрнія ветразі” (1960), “Мая Іліяда” (1969), “Быў. Ёсць. Буду.” (1986, выдадзены пасмяротна); зборнікі апавяданняў і аповесцяў: “Блакіт і золата дня” (1961), “З вякоў мінулых” (1978). Аўтар раманаў: “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да зямлі”, 1960),  “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966), “Каласы пад сярпом тваім” (1968), “Чорны замак Альшанскі” (1979);  п’ес “Млын на Сініх вірах” (1957), “Кастусь Каліноўскі” (1963), “Званы Віцебска” (1973), “Калыска чатырох чараўніц” (1981), “Маці ўрагану” (1982).

 

Па яго творах на беларускім радыё і тэлебачанні пастаўлены шэраг спектакляў і мастацкіх фільмаў. Па яго лібрэта пастаўлена опера Д.Смольскага “Сівая легенда” і опера У.Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”. Як публіцыст У.С.Караткевіч вядомы нарысам “Зямля пад белымі крыламі”, эсэ і артыкуламі пра Францыска Скарыну, Лесю Украінку, Р.Шырму, М.Агінскага, М.Багдановіча, Янку Купалу, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага і інш., працаваў як перакладчык (драма М.Корыма “У ноч зацьмення Месяца”, аповесць Э.Гашпаравай “Цяжка быць мустангам”, паэзія Дж.Байрона, А.Міцкевіча, І.Франко і інш.). У 1967 г. рэдагаваў на грамадскіх пачатках зборнік вершаў Ларысы Геніюш “Невадам з Нёмана”. Быў вядучым тэлепраграмы “Спадчына” (1976).  У.С.Караткевіч – лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя Івана Мележа (1983), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна). У 1991 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў Збор твораў  у 8-і тамах (раманы, аповесці, п’есы, вершы, нарысы, эсэ, публіцыстыка і інш. – усяго 415 твораў). У бліжэйшы час у Расійскай Федэрацыі плануецца выданне твораў У.С.Караткевіча.

 

У Старадарожскім мастацкім музеі экспануюцца творы:


Сяргей Міхайлавіч Вакар (1928. Мінск).

“Помнік пісьменніку, паэту Уладзіміру Караткевічу”. 1980.

Гіпс таніраваны. 66х38х44 см.

 

Генадзь Сцяпанавіч Грак (1938. Мінск).

“Партрэт пісьменніка Уладзіміра Караткевіча”. 1980.

Лінарыт. 24х17 см.

 

Раіса Паўлаўна Сіпілевіч.

“Уладзімір Караткевіч”. 1985.

Літаграфія. 65х49 см.

 

Аляксандр Міхайлавіч Фінскі (1953, Мінск).

Медаль “Уладзімір Караткевіч”.

Гіпс Таніраваны. Дм – 15 см.   

Hosted by uCoz