МЕЛЕЖ Іван Паўлавіч
(08.02.1921. в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. – 09.08.1976), беларускі пісьменнік. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1945). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнік часопіса “Полымя”, у апараце ЦК КП(б) Беларусі (1945). Сакратар (1966), намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1971 – 1976). Дэбютаваў вершамі ў 1939 г. Як празаік упершыню выступіў у 1943 г. у газеце “Бугурусланская праўда”. Адно з ранніх апавяданняў – “У завіруху” – высока ацаніў Кузьма Чорны. Першы раман “Мінскі напрамак” (1952). Выдаў зборнікі апавяданняў “Блізкае і далёкае” (1954), “У гарах дажджы” (1957), “Што ён за чалавек” (1961). Найвялікшым дасягненнем мастацкай і ўсёй беларускай літаратуры стала трылогія з цыкла “Палеская хроніка” – раманы “Людзі на балоце” (1961, Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа 1962), “Подых навальніцы” (1964 –1965, за абодва Ленінская прэмія 1972) і “Завеі, снежань” (1976). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм “Іван Мележ” (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі “Беларусьфільм” паставілі мастацкія кінафільмы “Людзі на балоце” (1982, Дзяржаўная прэмія СССР 1984) і “Подых навальніцы” (1983). У 1984 г. В.Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. І Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства “СССР – Францыя”, старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, член Сусветнага Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, бібліятэка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей Івана Мележа. У 1980 г. устаноўлена Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Генадзь Ільіч Мурамцаў (1031.Мінск).
“Бюст Народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа”. 1976.
Гіпс таніраваны. 60х25х39 см.