БЕЛАРУСКА Леся
(Марозава Ларыса Пятроўна па мужу, дзявочае прозвішча невядома), нарадзілася ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Таленавітая беларуская паэтэса. Па адукацыі педагог. Арыштавана ў снежні 1937 г. (ці ў студзені 1938) па абвінавачванні ў прыналежнасці да неіснуючай нацыяналістычнай (тэрарыстычнай) арганізацыі. Спачатку была “вышка”, потым Тройкай НКУС БССР асуджана на 10 год зняволення ў працоўна-папраўчых лагерах. Тэрмін адбывала на Крайняй Поўначы на Калыме ў лагеры Эльген, разам з Яўгеніяй Гінзбург, якая пасля вызвалення выдала кнігу “Круты маршрут”, украінскай пісьменніцай Зінаідай Тулуб і беларускай пісьменніцай Ядвігай Бяганскай. У асноўным працавала на лесапавале.
Вершы пісала на беларускай мове пад псеўданімамі – Леся Беларуска і Эрынія. Літаратурную дзейнасць пачала ў няволі. Збірала фальклор сярод беларусаў, запісвала песні, прыказкі, прымаўкі, якія зямлячкі прывезлі з сабой, ці народжаныя ў лагеры, апрацоўвала іх. На яе матыў спяваліся песні. І яшчэ яе цікавіла філасофія. За 10 год зняволення ў яе назапашваліся два важкія рукапісныя тамы: паэтычны (“Я – голас ваш” з эпіграфам з Ганны Ахматавай “Я – голас ваш, жар вашага дыхання”) і філасофскі (“Сага аб вечнай мерзлаце”), якія, на вялікі жаль, у час вобыску, хоць яны былі добра схаваны, зніклі бясследна. Такі ўдар Ларыса Пятроўна перанясці не магла, тым больш, што за некалькі дзён да яе вызвалення яна атрымала звестку, што яе муж, старшы лейтэнант Аляксей Марозаў, арыштаваны ў 1937 , якога яна горача любіла, расстраляны ў тым жа годзе. А яна чакала свайго любага 10 год, жыла надзеяй на сустрэчу... Хворая, знясіленая цяжкай працай, замардаваная паднявольным лагерным жыццём, маленькая, як “жменька”, кволая ад нараджэння, але мужная духам жанчына, не вытрымала жорсткасці нелюдзей. У 1948 годзе пад стары Новы год яна выйшла з барака на мароз... і больш не вярнулася. Раніцай яе знайшлі замерзлую ў снежным сумёце. Пахавалі ля падножжа сопкі. Так і засталася яна ляжаць у вечнай мерзлаце, прыгожая, блакітнавокая, таленавітая, незабыўная наша пакутніца – Леся Беларуска. Вершы Лесі Беларускі і сама постаць паэтэсы – гэта цікавая з’ява ХХ ст.
Фотаздымка Лесі няма. Ёсць графічны партрэт, выкананы мінскім мастаком Іванам Лукіным паводле лагернага малюнка В.А.Малагушы.
Дзякуючы адналагерніку, рускаму паэту Украіны Васілю Малагушу, сёе-тое з літаратурнай спадчыны Лесі Беларускі засталося. Справа ў тым, што Васіль Андрэевіч Малагуша яшчэ ў лагеры рабіў аўтарызаваныя пераклады яе вершаў на рускую мову, каб іх маглі чытаць усе зэкі. Яны і засталіся. Вершы дужа смелыя. За такія вершы паэтэса магла атрымаць гадоў 10 ці “вышку”. Таму яна і хавалася за псеўданімам Эрынія.
Смерць Лесі нельга лічыць яе паражэннем. Наадварот. Зламалі яе маладое прыгожае цела, а духам яна засталася нязломнай. Гэта разумееш, калі чытаеш яе вершы. А вершы яе самай найвышэйшай узрушанасці.
Раздумье
Я – не нытик, не раб безверья,
Нет преград на моем пути.
Но … лучше уйти, хлопнув дверью,
в страшных болях, с улыбкой уйти.
Мне – телегу тянуть, чтоб трещали постромки,
и в землю врезалось бы колесо?..
Нет! Я буду примером для вас, потомки.
Я сорву с своей шеи лассо!
Гэта пратэст бясстрашнага чалавека.
Символика
Бытие железным долотом расколото,
На тверди земной царит бедлам.
Косит “Союз” серпом народы,
Молотом бьет их по головам...
А гэта выклік крываваму крамлёўска-сталінскаму рэжыму.
Вершы Лесі Беларускі прасякнуты вялікай любоўю да радзімы, да “лепшага ў свеце горада Маладзечна”. Колькі цеплыні ў паэтычных радках: “... милый мой город, солнцеликая юность моя”. У іх сум па залатому дзяцінству, у іх боль і трывога за лёс роднага краю:
Умереть боюсь…
На кого я оставлю
родные города и веси,
мою матулечку Беларусь?!..
Што яшчэ мы ведаем пра Лесю Беларуску?
Ціхая, задумлівая, надзвычай абаяльная, яна была вельмі актыўным і мужным чалавекам. Яна не толькі працавала на лесапавале, пісала вершы і збірала фальклор, але і ўдасканальвала родную мову и рускую, вывучала іўрыт, займалася самаадукацыяй. Нездарма Яўгенія Гінзбург, якая лічылася ў лагеры эрудытам, назвала Лесю “талантищем невообразимым”. Яна і паэт, і крытык, і філосаф. Яна валодала вялікімі ведамі, з ёй можна было гаварыць на любыя тэмы. Такой паўстае перад намі Леся Беларуска ва ўспамінах В.А.Малагушы. А ў вершах – гэта апазіцыянер, які не баіцца выказаць сваю думку нават у лагеры, дзе за кожнае слова пратэсту чакае кара (расстрэл, або перасылка ў больш страшны лагер да рэцыдывістаў, а могуць павялічыць тэрмін зняволення яшчэ на 10 год).
В.А.Малагуша пакінуў аўтарызаваныя пераклады вершаў Лесі Беларускі і свае ўспаміны аб ёй “Бессмертие молодости” перад тым, як самому адыйсці ў іншы свет. Ён выканаў запавет паэтэсы, данёс яе вершы да нас, землякоў.
Паводле некаторых звестках маці Лесі памерла, а бацька расстраляны. Нікога ў яе не засталося. Толькі мы, беларусы. Хто ж, як не мы, павінны ўвекавечыць памяць шматпакутнай зямлячкі, бязвінна загінуўшай у час “вялікага тэрору”. Мы павінны выдаць зборнік яе вершаў, бо сваім жыццём, сваёй адданасцю Радзіме яна заслужыла такой павагі.
Леся Беларуска ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры і стала часткаю культуры Беларусі. Варта было б паставіць помнік ёй на яе радзіме ў г. Маладзечна.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
DSCN 1919
Іван Лукін.
“ Графічны партрэт Лесі Украінкі”
(паводле лагернага малюнка В.А.Малагушы)
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Леся Беларуска”. 2007.
ДВП, алей. 40х30 см.