ЖЫЛУНОВІЧ Зміцер Хведаравіч
(псеўд. Цішка Гартны; 04.11.1887, г.п. Капыль – 1937), дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР, гісторык, публіцыст, пісьменнік, акадэмік АН БССР (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905 – 1907 гадоў . Працаваў рамеснікам-гарбаром, на заводзе ў Пецярбургу. У лютым – снежні 1918 г. галоўны сакратар, загадчык выдавецкага адзела Беларускага нацыянальнага камісарыята, рэдактар газеты “Дзянніца”—першай савецкай газеты на беларускай мове. Удзельнік стварэння Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, аўтар маніфесту аб яе абвяшчэнні. З 1 студзеня да 2 лютага 1919 г. старшыня Часовага рабоча-сялянскага Урада Беларусі. Член прэзідыума Інбелкульта. З 1934 г. член Саюза пісьменнікаў БССР. У сувязі з абвінавачваннямі З.Х. Жылуновіча ў “нацыянал-дэмакратызме” 16 студзеня 1931 г. пастановай ЦКК КП (б)Б выключаны з партыі, 15 лістапада 1936 г. арыштаваны органамі НКУС БССР. У мінскай турме Жылуновіча катавалі. 7 красавіка 1937 г. перавялі ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе Жылуновіч памёр ад гангрэны лёгкіх ці скончыў жыццё самагубствам. 15 кастрычніка 1955 г. крымінальная справа па абвінавачванню Жылуновіч спынена пастановай Пракуратуры БССР за недаказанасцю складу злачынства. Паўторна рэабілітаваны 10 верасня 1987 г., адноўлены ў КПСС у 1988 г. Друкавацца пачаў у 1908 г. у газеце “Наша ніва”. Першы зборнік “Песні” (1913). Пачынальнік рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. Даследчык творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло.
Міхась Самуілавіч Басалыга (1942. Мінск).
“Цішка Гартны”. 1982.
Каляровы лінарыт. 21х21 см.