logo01

logo01

ЛЁСІК Язэп

(Іосіф Юр’евіч; 06.11.1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на – 01.04.1940), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік, педагог. Дзядзька класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Акадэмік АН БССР (1928). Правадзейны член Інбелкульта (1922). Скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (1902). За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях сасланы ў Сібір (1905). У1917 г. на Беларусі: член Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік  абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Рэдагаваў газеты “Вольная Беларусь”, “Беларусь”. У 1920-я гады выкладаў беларускую мову ў БДУ, Белпедтэхнікуме, узначальваў Інстытут навуковай мовы, старшыня Тэрміналагічнай камісіі.  У пачатку 1922 г. арыштаваны. У 1930 г. пазбаўлены звання акадэміка (адноўлена ў 1990), зноў арыштаваны і сасланы. У 1934 г. амнісціраваны. У чэрвені 1938 г. арыштаваны ў трэці раз. Памёр ад сухотаў у яраслаўскай турме 1 красавіка 1940 г. Рэабілітаваны ў 1958 і 1988 гадах. Аўтар шматлікіх дапаможнікаў і навуковых прац па беларускай мове: “Практычная граматыка беларускае мовы” (1921), “Беларуская мова. Пачатковая граматыка” і “Беларуская мова. Правапіс” (1924) і інш. Зборнік мастацкай прозы “Родныя вобразы”  рыхтаваўся да друку ў 1921 г. (забаронены). Як публіцыст выступаў па нацыянальным пытанні.

 

Аляксандр Міхайлавіч Фінскі (1953, Мінск). 

Медаль Камітэту Ушанавання
“Язэп Лёсік. Рупліўцу на ніве беларускай адукацыі”.

Бронза, ліццё. Д – 13,5 см.

 

Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931, Мінск).

“Лёсік Язэп”. З нізкі “Дзеячы нацыянальнага Адраджэння”. 2005.

Кераміка, вашчэнне. 30 х 15 см.

 

Сямён Пятровіч Герус (1925-2000).

“Язэп Лёсік”. 1993.

Папера, сангіна. 60х44 см.

Hosted by uCoz