logo01

logo01

КАГАНЕЦ Карусь

(Будзімір, сапр. Кастравіцкі Казімір Карлавіч, 20.01.1868, г. Табольск – 20.05.1918), дзеяч Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, паэт, празаік, перакладчык, мастак, скульптар. З сям’і сасланага ў Сібір удзельніка паўстання 1863 – 1864 гадоў. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу і дойлідства. Працаваў у мастацкай майстэрні ў Рызе, настаўнікам малявання, ляснічым. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (1902 – 1903). Двойчы арыштоўваўся царскімі ўладамі (1905, 1910). Друкаваўся з 1893 г. Вершы прысвячаў працы, нацыянальным праблемам, гістарычнай тэме: “Наша ніўка”, “На сяле вечарамі”, “Жняя”, “Плач беларуса”, “У тры шляхі ідуць ляхі”, “Сціснуты камень”. У турэмным “пішчалаўскім замку” разам з Якубам Коласам ствараў беларускі падручнік новага часу (“Беларускі лемантар” і інш.). Супрацоўнічаў з газетай “Наша Ніва”. Выратаванне беларусаў, як этнасу, ад асіміляцыі (русіфікацыі і паланізацыі) бачыў у абуджэнні нацыянальных пачуццяў, нацыянальнай годнасці і самасвядомасці. У вершы “Наш сымбаль” (1893) фактычна паўтарыў палымяныя заклікі К.Каліноўскага да беларускага народа: “За родну краіну, звычай і мову, за веру груддзю ставайце!” Тэме нацыянальнага Адраджэння Карусь Каганец прысвяціў вадэвіль “Модны шляхцюк” (1910), які з поспехам ставіў тэатр І.Буйніцкага.


У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваюцца творы:

 

Мікола Мікалаевіч Купава (1946, Мінск).

“Карусь Каганец”. 1979.

Каляровы лінарыт. 44х30 см.

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

“Карусь Каганец – адзін з заснавальнікаў БСГ, пісьменнік, мастак”. 1993.

ДВП, алей. 40х30 см.

 

Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1931, Мінск).

Медальён “Карусь Каганец”. 2005. 

Кераміка, вашчэнне. 30х15 см.          

Hosted by uCoz