ЗАВАЛЬНЮК Уладзіслаў
(08.07.1949. с. Жданава Вінніцкай вобл.), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурны грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ – пачатку ХХІ ст., душапастыр, гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст. Кандыдат гістарычных навук. Паходзіць з сялянскай каталіцкай сям’і. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). Клерык Рыжскай вышэйшай духоўнай семінарыі (1969 – 1974). Меў намер прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці. Пасвячоны ў святары (1974, Рыга). Душапастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 парафій (у тым ліку 11 нямецкіх). За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. На пачатку 1979 г. вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў г. Валміера. Вясною 1979 г. выехаў у Казахстан. Пэўны час жыў у Калінградзе, Качатове, Краснаармейску і Паўладары. З 1980 г. – у Латвіі. Служыў вікарыем у мястэчку Варакаяны (Латгалія). Быў абмежаваны савецкімм адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў – меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу. У лістападзе – снежні 1980 г. прымусова змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу ў г. Даўгаўпілс. Са студзеня 1981 г. на пасадзе пробашча ў парафіях Лэнас, Айспут, Вентспілс, Кулдзічэ Ліепайскага дэканата. У 1984 г. пераведзены ў Беларусь. Працаваў пробашчам у касцёле св. Тройцы ў Глыбокім. Пасля 1988 г. адначасова служыў вікарыем у Мінскім кальварыйскім касцёле Узвышэння крыжа. З 1989 г. разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску (касцёл святых Сымона і Алены, Кафедральны касцёл, касцёл Св. Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш. З пачатку 90-х гадоў ХХ ст. паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі. У 1991 г. адмовіўся ад прапановы выехаць на вучобу ў Рым. Завочна прадоўжыў вучобу ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістэрскія курсы па тэалогіі (1993). З 1991 г. вядзе шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: “Святая імша” (1990), “Катэхізм” (1993, на 4-х мовах), “Будслаўскі касцёл – святыня Беларусі” (1993), “Святыня Беларусі” (1994), “Святы Ружанец” (1994), “Прыгатаванне да першай святой споведзі” (1995), “Абрады пахавання” (1998) і інш. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі “Канфесіі на Беларусі” (канец ХVІІІ – ХХ ст.)” (1998). На Беларускім радыё вёў рэлігійную перадачу “Голас душы” (1993 – 2000). Адзін з заснавальнікаў Хрысціянскага таварыства міласэрнасці (1993). Сябар Каардынацыйнай камісіі Сінода Мінска-Магілёўскай і Пінскай архідыяцэзій (1996). Ініцыятар адкрыцця ў Мінску Беларускага каталіцкага універсітэта. Прыняў удзел у перакладзе для каталіцкага духавенства ў Беларусі літургічных кніг “Імшал”, “Рытуал”. Правадзейны член Міжнароднай акадэміі экалогіі (1999). Выступае з артыкуламі нацыянальна-рэлігійнай праблематыкі ў беларускім, нямецкім, польскім, латышскім перыядычным друку. Адзін з арганізатараў дабрачыннага Фонда абароны жыцця. Камітэтам Ушанавання ганараваны ордэнам “Гонар Айчыны” (25.03.1997), медалём Вінцука Гадлеўскага “За беларускасць у набажэнстве” (05.01.1999) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942. Мінск).
“Партрэт кс. Уладзіслава Завальнюка” з нізкі “Дзеячы духоўнага Адраджэння Беларусі”. 1996.
Кардон, алей. 70х50 см