НАДСАН Аляксандр
(сапраўднае прозвішча – Бочка. 08.08.1926, м. Гарадзея каля Нясвіжа), каталіцкі святар усходняга абраду, мітрафорны протаіерэй, магістр тэалогіі, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душапастыр, педагог, культуролаг, гісторык, публіцыст і перакладчык, бібліяфіл. Паходзіць з настаўніцкай сям’і. У гады 2-й сусветнай вайны вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы. Сябар Саюза беларускай моладзі. З 1946 г. – у Велікабрытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага універсітэта са ступенню бакалаўра дакладных навук (1953). Адзін з заснавальнікаў і сталых сяброў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (сакратар 1946 – 1951; старшыня 1951 – 1953). Лідэр Беларускага каталіцкага аб’яднання “Рунь”. Супрацоўнік беларускага эмігранцкага перыядычнага друку (“На шляху”, 1946 – 1951; “Беларус на чужыне”, 1947 – 1950; “Божым шляхам” 1947 – 1980 і інш). У 1-й палове 50-х гадоў выехаў у Рым. Вывучаў тэалогію ў папскім Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім універсітэце. Пасвячоны ў святары (1958, Рым). У 1961 г. вярнуўся ў Лондан. Быў прызначаны ў Беларускую каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Паўночнай Англіі. Займаўся педагагічнай дзейнасцю ў беларускай школе імя св. Кірылы Тураўскага пры Беларускім доме марыянаў у Лондане (1961), дырэктар школы (1964). Адзін з актыўных дзеячоў Англійска-беларускага навуковага таварыства (1965). Выкладаў на курсах беларусазнаўцаў (1968 – 1980). У 60-я гады арганізаваў і правёў у Ліверпулі і Манчэстэры адукацыйна-азнаямляльныя курсы, прысвечаныя ўсходняму хрысціянству. Рэдагаваў часопіс “The Journah ox Byelorussian Studies” (1965 – 1988). Дырэктар Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане (1971) . Апостальскі адміністратар для беларусаў-католікаў у Еўропе (1976). Апостальскі візітатор для беларусаў-католікаў усходняга абраду ў эміграцыі і кансультант кангрэгацыі ўсходніх цэркваў пры Ватыкане (1986). Кіруе Беларускім камітэтам дапамогі ахвярам радыяцыі (1989). Аўтар даследаванняў і артыкулаў па гісторыі беларускай духоўнасці і свецкай літаратуры ХVІ – ХVІІ стст. Падрыхтаваў тэалагічную працу “Наша вера: Кароткі катэхізіс хрысціянскай навукі. Для беларусаў-католікаў” (1988, Іспанія). Пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты для правядзення набажэнстваў сярод беларускіх уніятаў (афіцыйна зацверджаныя Апостальскім пасадам у 1994). Неаднаразова наведваў Беларусь. Выступаў у клубе “Спадчына”. Ганаровы сябар клуба “Спадчына” (13.03.1993).
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942. Мінск).
“Партрэт а. Аляксандра Надсана” з нізкі “Дзеячы духоўнага Адраджэння Беларусі”. 1994.
ДВП, алей. 50х30 см.