БАБРОЎСКІ Міхаіл Кірылавіч
(а. Міхаіл. 8.11.1784 ці 1785. в. Вулька Бельскага пав. (цяпер Польшча) – 21.09.1848), беларускі славіст. Доктар тэалогіі (1823). Член археалагічнай акадэміі ў Рыме, парыжскага і лонданскага навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім універсітэце. Паходзіў з даўняга беларускага шляхецкага роду, бацька – уніяцкі святар. Скончыў Беластоцкую гімназію (1806), Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце (1812). Канонік брэсцкі (1817). Прафесар экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага універсітэта (1822 –1824, 1826 – 1833). У ссылцы ў Базылянскім манастыры ў Жыровічах каля Слоніма. (1824 – 1826) . З 1833 г. жыў у м. Шарашова Пружанскага павета, дзе атрымаў прыход. Юнаком пачаў вывучаць старажытныя славянскія рукапісы і старадрукі ў цэрквах і манастырах. Даследаваў гісторыю славянскага кнігадрукавання, збіраў матэрыялы пра дзейнасць Ш.Фіёля, Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Зрабіў навуковае апісанне старажытных кірылаўскіх і глагалічных літаратурных помнікаў Ватыканскай бібліятэкі. Прысвяціў сябе захаванню, зберажэнню старажытнай культуры беларусаў і ўсяго славянства, спрыяў узнікненню асобнага кірунку ў гуманістычных навыках беларусазнаўства. Разам з І.Даніловічам быў адным з першых творцаў беларускага нацыянальнага Адраджэння. Нанава адкрыў для беларускай і еўрапейскай навукі імя і справу Францыска Скарыны. Вучоны-патрыёт, Баброўскі адчуваў тое, сапраўды нацыянальнае, а галоўнае – стратэгічна адпаведнае для паспяховага развіцця роднай культуры, што пакінуў у спадчыну Скарына, які на заранку Адраджэння абвясціў старабеларускую мову і народ цалкам роўнапраўнымі сярод іншых еўрапейскіх моў і народаў. Сабраная ім багатая бібліятэка стала першым спецыяльным зборам помнікаў беларускага старадруку, асобныя кнігі з яго калекцыі зберагаюцца ў сховішчах Вільнюса, Масквы, Пецярбурга. Пры жыцці Баброўскаму ўдалося надрукаваць толькі нязначную частку сваіх прац. Частка рукапісаў знікла адразу пасля яго смерці, частка трапіла да бібліяфіла В.Трабніцкага, а потым разышлася па розных сховішчах. Большасць іх загінула ў 2-ю сусветную вайну. Ацалеўшыя асобныя лісты, нататкі і матэрыялы, прызначаныя іншым асобам, зберагаюцца ў зборах Вільнюса, Кракава, Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга і інш. Імя Баброўскага нададзена Лабараторыі вывучэння культуры Падляшша (Масква).
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942. Мінск).
“Партрэт а. Міхаіла Баброўскага” з нізкі “Дзеячы духоўнага Адраджэння Беларусі”. 2002.
ДВП, алей. 40х30 см.