ТАНК Максім
(Скурко Яўген Іванавіч; 17.09.1912, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на – 07.08.1995), беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Народны паэт БССР (1968). Акадэмік АН БССР (1972). Удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчага руху у Заходняй Беларусі. Прымаў удзел у выданні падпольнага і легальнага перыядычнага друку (“Пралом”, “Часопіс для ўсіх” 1932), “Наша воля”, “Папросту” (1936), “Беларускі летапіс” (1935 – 1939). Друкаваўся з 1932 г. Зняволены польскімі ўладамі. Арганізатар выдання ў віленскай турме на Лукішках рукапіснага часопіса “Краты” (1933). Рэдактар часопіса “Полымя” (1948 – 1967). Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1967). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1966). Аўтар зборнікаў “На этапах” (1936, канфіскаваны), “Журавінавы цвет” (1937), “Пад мачтаю” (1938), паэму “Нарач” (1937). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У час вайны выдаў паэму “Янук Сяліба”, зборнікі ваенных вершаў “Тачыце зброю” і “Праз вогненны небасхіл” (1945), у пасляваенны час – “Каб ведалі” (1948, Дзяржаўная прэмія СССР), “На камені, жалезе і золаце” (1951), “У дарозе” (1954), “След маланкі” (1957, Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы 1959), “Хлеб мой надзённы” (1962, Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы 1966), “Глыток вады” (1954), “Ключ жураўліны” і “Няхай будзе святло” (1972), “Нарачанскія сосны” (1972). Пісаў кнігі для дзяцей: “Галінка і верабей” (1946), “Казкі лірніка” (1948), “Конь і леў” (1955) і інш. Тэмы твораў – ад успамінаў дзяцінства да праблем сучаснасці, ад твораў народна-песеннага складу да публіцыстычных і філасофскіх. Пераклаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, А.Пушкіна, У.Маякоўскага, М.Рыльскага, і інш.
У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваецца твор:
Сямён Пятровіч Герус (1925 – 1998, Мінск).
“Партрэт паэта Максіма Танка”. 1987.
Літаграфія. 62х46 см