МЯЛЬГУЙ Анатоль Мітрафанавіч
(14.12.1957, Мінск), журналіст, публіцыст, музычны крытык і аналітык. Сябра Саюза журналістаў Беларусі (1990). Сябар клуба “Спадчына”. Скончыў БДУ (1889). З 1982 г. – пазаштатны карэспадэнт газеты “Чырвоная Змена”, вядучы музычнай старонкі “Нотны аркуш”. Пераможца І Усесаюзнага конкурсу знаўцаў рок-музыкі ў Маскве (1985). Першы старшыня беларускага рок-клуба “Няміга” (1985 – 1987). Удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў “Тры колеры-І” (1986) і “Тры колеры-ІІ” (1987). Узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ (1987). Аўтар артыкулаў, прысвечаных праблемам нацыянальнай культуры, стану беларускай мовы ў краіне, сучасных музычных напрамкаў у Беларусі, уступных артыкулаў да альбомаў беларускіх рок-выканаўцаў, бардаў і дыскаў-прысвячэнняў (“Жыць для Беларусі. Мелодыка паэзіі” Л.Геніюш). Сумесна з журналістам В.Мартыненкам выдаў першую беларускую рок-энцыклапедыю “Праз рок-прызму” (1989), якая мела розгалас у Беларусі, ЗША, Чэхіі, Балгарыі, Польшчы, і кнігу “222 альбомы беларускага року і ня толькі...” (2006), прысвечаную сучаснай беларускай музычнай культуры. Кніга адзначана спецыяльным прызам “Рок-каранацыі-2006”. Як журналіст і фатограф актыўна ўдзельнічае ў стварэнні архіва на сайтах клуба “Спадчына”. Пацярпеў ад спецслужбаў у час разгону дэманстрацыі з нагоды Дня Волі ў 1997 г., калі выконваў службовае заданне ад рэдакцыі часопіса “Тыдзень”: быў жорстка збіты і дастаўлены ў бальніцу.
За плённую працу на ніве беларускай журналістыкі, папулярызацыю беларускай музыкі, выданне альманаха “Скрыжалі “Спадчыны” Камітэтам Ушанавання ўзнагароджаны медалём Герба “Пагоня” (25.03.1998), імянным Срэбным пярсцёнкам з выявай Герба “Пагоня” і дэвізам “Жыве Беларусь” (23.09.2005) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. Атрымаў узнагароду – медаль імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі як падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (14.11.2007).
У Старадарожскім музеі экспануюцца кнігі, артыкулы і прысвечаныя яму мастацкія творы:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
“Партрэт мастацтвазнаўца, журналіста, сябра клуба “Спадчына”Анатоля Мяльгуя”. 2006.
ДВП, алей, 40х30 см.
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
Групавы партрэт “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”. 2006.
ДВП, алей. 80х60 см.