ЛІСОЎСКАЯ Аляксандра Кліменцьеўна
(24.04.1934, г. Мінск), бібліятэказнаўца, бібліёграф, пісьменніца. Яе бацькам і брату ў 2006 г. спецыяльнай Камісіяй Інстытута Яд Вашэм прысвоена званне “Праведнікі Свету”, пасмяротна. Сябар клуба “Спадчына” (1988). Скончыла Мінскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна (1952), Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (1956). Загадчыца 2-й дзіцячай бібліятэкі г. Мінска (1956 – 1992). Бібліятэка стала цэнтрам гісторыка-краязнаўчай работы сярод юных чытачоў, школай перадавога вопыту па рабоце з беларускай кнігай. Жаданымі гасцямі былі пісьменнікі, мастакі, кампазітары, артысты, вядомыя людзі людзі. Дзіцячай бібліятэцы № 2 г. Мінска прысвойвалася ганаровае званне “Лепшая дзіцячая бібліятэка рэспублікі”. Калектыў бібліятэкі шчыра сябраваў з рэабілітаванымі пісьменнікамі А.Пальчэўскім, С.Шушкевічам, С.Грахоўскім, П.Пруднікавым, дапамагаў іх семьям. А.К.Лісоўская працавала ў галіне мастацкага перакладу. Для выдавецтва “Детская литература” пераклала 7 кніг беларускіх пісьменнікаў: А.Пальчэўскага, В.Хомчанкі, П.Рунца, Т.Хадкевіча. Аўтар крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей, выкладчык дзіцячай літаратуры ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага, член Міжведамаснага бібліятэчнага савета Міністэрства культуры БССР і журы конкурсаў на лепшы літаратурны твор для дзяцей і юнацтва. Узнагароджана граматамі, сярод якіх Граматы Міністэрства культуры СССР і БССР, медалём “За доблесную працу”, атрымала званне “Выдатнік культуры СССР”. Удзельнічала ў стварэнні Беларускай Каталіцкай Грамады, выданні газеты “Беларуская Святыня”, змагалася за вяртанне касцёлаў вернікам, за ўжыванне беларускай мовы ў канфесійным жыцці.
Пазнаёміўшыся з тэматыкай клуба “Спадчына”, зрабіла рашучы крок – дала згоду сябрам клуба праводзіць пасяджэнні ў дзіцячай бібліятэцы № 2 г. Мінска.
За актыўны ўдзел у нацыянальным Адраджэнні Бацькаўшчыны Камітэтам Ушанавання ганаравана медалём Цёткі (Алаізы Пашкевіч) “Кветка Беларусі” з уручэннем дыплома і занясеннем у Кнігу Гонару “Рупліўцы твае, Беларусь” (20.11.2003).
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануюцца творы:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск),
“Партрэт бібліёграфа, пісьменніцы, заслужанага дзеяча культуры СССР, сябра клуба “Спадчына” Аляксандры Кліменцьеўны Лісоўскай” 2006.
ДВП, алей. 40х30 см.
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).
Групавы партрэт “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”. 2006.
ДВП, алей. 80х60 см.