logo01

logo01

ЦЫРКУНОЎ Алесь Іванавіч

(28.03.1948, в. Лясань Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.), мастак-жывапісец, педагог. Сябар Саюза мастакоў Беларусі (суполка “Пагоня”). Намеснік старшыні клуба “Спадчына”. Прайшоў многа складаных дарог жыцця: тры дзіцячыя дамы, шахты Данбаса, служба ў войску, праца на Мінскім аўтазаводзе. Шукаў сваё месца ў мастацтве, наведваючы ў розныя часы розныя мастацкія гурткі, студыі, мастацкую студыю ДК Мінскага трактарнага завода, якая і вызначыла далейшы шлях: скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працаваў на Гомельшчыне, дзе арганізаваў работу дзіцячай мастацкай студыі. Як мастак ствараў штогод 20 – 30 твораў. Яго творы знаходзяцца ў  Старадарожскім мастацкім музеі Анатоля Белага,  прыватных зборах за межамі Беларусі, музеях Мінска, Новаполацка, Гродна, Віцебска, Астраўца, Паставаў, Оршы, Жлобіна і інш. Сярод іх: “Веткаўчанін Фёдар Шкляроў” (1976) – у Веткаўскім музеі этнаграфіі і фальклора; “Спрадвечнае і неўміручае” (1985), “Поступ” (1988) –  у Музеі сучаснага мастацтва; “Францішак Скарына” (1989) – у Заслаўскім гісторыка-культурным музеі; “Дзяды” (1987), “Бульба” (1985), трыпціх “На досвітку” (1975 – 1978) – у Магілёўскім мастацкім музеі; “Ростанцы” (1983 – 1985), копія твора Я.Драздовіча “Дарога да храма” (1990) – у Музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск); Партрэт “Кузьма Чорны ў Мінску, год 1944”, “Тры грацыі” – у Копыльскім краязнаўчым музеі; “Белая мелодыя” (1985), “Сырадой”, “Подых вясны” і інш. – у Міністэрстве культуры Беларусі;  “Бабуліна спадчына” (1975) – у прыватным зборы (Італія).

 

Яго выставачная дзейнасць распачалася з 1976 г.: Рэспубліканская выстаўка “Слава труду”, выстаўкі рэспубліканскага і саюзнага значэння; групавыя выстаўкі за мяжой у складзе суполак: “Няміга – 17” (1990, галерэя “Арсенал”, Рыга),  “Пагоня” (1991, Літоўскі нацыянальны музей, Вілнюс).

 

Пасля Чарнобыльскай аварыі рашуча змяніў свае погляды на месца мастака і мастацтва ў жыцці народа: сюжэты яго твораў набылі нацыянальную тэматыку, паступова ператвараючыся ў супраціў камуна-бальшавізму. З 2000 г. акрамя жывапісных твораў стаў вырабляць і архітэктурна-мемарыяльныя знакі, помнікі (іх ужо 6). Мастацкія праекты да ўсіх знакаў і большая частка працы (акрамя кавальства) былі выкананы мастаком. Усе яны прысвечаны падзеям ці асобам, якія маюць грамадскую і гістарычную значнасць, і былі ўстаноўлены і асвечаны ў знамянальныя  дні: 
“Крыж усім святым Беларусі. Да 2000-годдзя нараджэння Хрыстова” (02.10.2000 – Дзяды; в. Чэхі Мядзельскі р-н), дзе выканана 10 рэльефных медальёнаў, 5 іншых рэльефаў, шмат арнаментыкі і 2 тэксты.
“Помнік пані Вандзе Ромер” (1850 – 1944) – мясцовай асветніцы, удаве знакамітага мастака і грамадскага дзеяча Альфрэда Ісідора Ромэра (15.08.2001 – дзень Грунвальдскай бітвы;  в. Каралінава Пастаўскі р-н).
“Мемарыяльны знак (на мармуровай глыбе высечана выява ), прысвечаны Фларыяну Даноўскаму” (1822 – 1902) – арганізатару тайнай антырасійскай арганізацыі “Саюз моладзі Літвы (Беларусі)”, удзельніку паўстання 1863 г., палітвязню (08.09.2002 – дзень бітвы пад Оршай, да 100-годдзя пахавання героя; в. Канябічы Пастаўскі р-н).
“Капліца Пашаны” прысвечана светлай памяці абаронцаў Айчыны, якія палеглі ў змаганні супраць расійскага гвалту ў ХІХ ст. ад часоў Тадэуша Касцюшкі (02.10.2004 – Дзяды; в. Страча Астравецкі р-н).
“Брамная капліца”, прымеркаваная ўшанаванню моцы і велічы Хрысціянскай веры (02.10.2005 – Дзяды;  на даўнім паганскім, а затым і хрысціянскім могільніку ХVІ ст., в. Радута Пастаўскі р-н).
“Намагільны мемарыяльны помнік невядомым жаўнерам-суайчыннікам”, якія палеглі ў 1920 г. пры абароне Бацькаўшчыны ад бальшавіцкай навалы (08.09.2007 – дзень бітвы пад Оршай; м. Лынтупы Пастаўскі р-н).

 

За актыўную дзейнасць на ніве нацыянальнага Адраджэння Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Герба “Пагоня” (25.03.1997), ордэнам “Гонар Айчыны” (25.03.2000) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.

 

У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

Групавы партрэт “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”.  2006.

ДВП, алей. 80х60 см.

 

Алесь Іванавіч Цыркуноў (1948, Мінск).

“Аўтапартрэт”. 1982.

Палатно, алей. 65х45 см.

Hosted by uCoz