logo01

logo01

САЛАМОНАЎ Аляксей Андрэевіч

(04.08.1925. в. Клядневічы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.), беларускі вучоны, геадэзіст, публіцыст, паэт.  З беларускай сялянскай сям’і, звесткі аб якой захаваліся аж да чацвёртага калена. Вайна застала яго студэнтам 1-га курса судамеханічнага аддзялення Гомельскага тэхнікума воднага транспарту. Па дарозе дамоў (пешшу) падлеткам трапіў у лагер ваеннапалонных пад Крычавам. Так пачаўся яго ўдзел у вайне, у якой прайшоў потым усе яе этапы і закончыў на франтах у Прыбалтыцы, дзе быў паранены, пасля чаго дэмабілізаваны.  

 

Экзамены на атэстат сталасці здаваў экстэрнам (на сярэбраны медаль) пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і там аўтаматычна стаў студэнтам інжынерна-землеўпарадкавальнага факультэта, які скончыў з адзнакай  (1951). Накіраваны ў аспірантуру пры кафедры інжынернай геадэзіі Беларускага політэхнічнага інстытута да акадэміка В.В.Папова – заснавальніка школы беларускіх геадэзістаў. Кандыдат тэхнічных навук (1954). Доктар тэхнічных навук (1967). Прафесар (1967). Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі (1997).  Загадчык кафедры інжынернай геадэзіі Беларускага тэхналагічнага інстытута (1974 – 1996). Адзін з першых яго артыкулаў змешчаны ў галоўным геадэзічным часопісе СССР (“Геодезия и картография” № 5, 1958, Москва), дзе ўпершыню было прапанавана раней не вырашаемае “Совместное уравновешиваемое триангуляции и полигонометрии методом посредственных измерений с условными уравнениями”, быў адразу  надрукаваны і ў нямецкім часопісе “Zeitschrift fur Vermessunqskunde). Пад яго рэдакцыяй і ўдзелам выдана 8 зборнікаў навуковых і навукова-метадычных работ. Аўтар звыш 100 навуковых і метадычных работ. Пры яго ўдзеле абаронены дзесяткі  кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, а пад непасрэдным кіраўніцтвам  – каля 30. Узначальваў  лабараторыю пры кафедры інжынернай геадэзіі БДТУ з тэматыкй даследаванняў  ”Забеспячэнне геаметрычных параметраў пры будаўніцтве і эксплуатацыі аб’ектаў тыпа АЭС”. Вялікая выніковасць даследаванняў мелась у напрамку геадэзічнага забеспячэння зямельнага кадастра і землеўпарадкавання. Асабліва праявілася гэта ў час яго працы навуковым кансультантам  “Белгіпразема” пры Беларускім дзяржаўным камітэце па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі (1997 – 2001). Кіраваў даследаваннямі па вызначэнні месцазнаходжання Геаграфічных цэнтраў Беларусі і Еўропы (“Самастойная Беларусь сваім Геаграфічным цэнтрам  назаўжды Богам прывязана да Цэнтра Еўропы” “Голас Радзімы” № 47, 1999.). Працяглы час быў навуковым кіраўніком асацыяцыі геадэзістаў і картографаў Беларусі.

 

Абіраўся старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны  г. Мінска. Узначальваў універсітэт Беларускай мовы, гісторыі і культуры пры БДТУ (1991 – 1996). Член Саюза журналістаў Беларусі. Ён вядомы ў Беларусі і па-за яе межамі як публіцыст прагрэсіўна-дэмакратычнай скіраванасці па сацыялогіі, паліталогіі, філасофіі, навуцы і ўдасканаленні адукацыі. Надрукаваў звыш 150 артыкулаў публіцыстычнага зместу. У час “перабудовы”  друкаваўся ў перыядычным друку Масквы (“Комсомольская правда”, “Литературная газета”, “Строительная газета”, “Известия”), Ленінграда, Кіева, Новасібірска, Львова, Кішынёва.  Яго публіцыстычныя даследаванні закранаюць розныя пытанні: “Какое оно счастье?”, “Кто же должен править нами”, “Крык адчаю зразумелы – ад Беларусі хочуць пакінуць толькі назву”, “Ложь и правда о советско-афганской войне”, “Знявагі беларускі народ не заслужыў”. У артыкуле “У чым зараз галоўная задача беларускага народа” ім упершыню пастаўлена ў вялікім аб’ёме пытанне: “Возможна ли была та Победа без Беларуси?”. Ён перакананы ў тым, што Беларусь павінна не толькі ўратавацца як самастойная дзяржава і як самастойны і перспектыўны этнас, але і зможа многае зрабіць для ўсяго чалавецтва.

 

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэнам  Пашаны, медалём “За адвагу”, дзесяццю другімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Пра дзейнасць А.А.Саламонава напісана  ў “Беларускай энцыклапедыі” (14 т. С.101. 2002. Мінск) і  “Биографическом справочнике “Профессора и доктора наук в области землеустройства и земельного кадастра” (“Очерки истории Государственного университета по землеустройству”, т.3. Москва, 2002, прысвечаны яго 225-годдзю)

 

Сябар клуба “Спадчына”. За шматгадовы актыўны ўдзел у нацыянальным Адраджэнні, нястомнае змаганне дзеля вяртання народу нацыянальнай самасвядомасці Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Браніслава Тарашкевіча “За абарону роднай мовы” (25.03.1998) і ордэнам “Гонар Айчыны” (25.03.2005)  з уручэннем адпаведных дыпломаў. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.

 

У Старадарожскім музеі экспануюцца творы:

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

“Партрэт акадэміка, прафесара, сябра клуба “Спадчына” Саламонава Аляксея Андрэевіча”. 2005.

ДВП, алей. 40х30 см.

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

Групавы партрэт “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”.  2006.

ДВП, алей. 80х60 см.

Hosted by uCoz