logo01

logo01

МАЛЬДЗІС Адам Восіпавіч

(07.07.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.), літаратуразнавец, крытык, празаік, публіцыст. Доктар філалагічных навук, прафесар. Ганаровы сябар клуба “Спадчына” (1992).

 

Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1967). Друкаваць допісы і вершы ў піянерскіх, раённых і абласных газетах пачаў у школьныя гады. Стала ўвайшоў у літаратуру рэцэнзіяй на раман П.Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах” (1954). Працаваў адказным сакратаром у радашковіцкай раённай газеце “Сцяг Ільіча”. Скончыў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, працаваў малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара ўзаемасувязі літаратур, загадчыкам аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры. З 1991 г. – дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны.

 

Прэзідэнт літаратурнай асацыяцыі беларусістаў, старшыня мемарыяльнай камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня камісіі “Вяртанне” Беларускага фонду культуры. Дэлегат 45-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і ЛітССР, Камандорыяй ордэна Заслугі Польшчы. Вывучае заканамернасці станаўлення новай беларускай літаратуры, яе сувязі з літоўскай і польскай літаратурамі, займаецца пошукамі і папулярызацыяй невядомых і забытых твораў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа 1980 года  за ўдзел у 2-томнам даследаванні “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1977). Аўтар кніг “Творчае пабрацімства”(1966), “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе” (1969), “Традыцыі польскай асветы ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя” (1972), “Таямніцы старажытных сховішчаў” (1974),  “Шляхі вялі праз Беларусь” (1980, у сааўт. з В.П.Грыцкевічам). Яго творы “На скрыжаванні славянскіх традыцый”, “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя”, “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”; гістарычная аповесць “Восень сярод вясны”,  краязнаўчы нарыс “Астравеччына, край дарагі...” (1977) і іншыя далі падставу Камітэту Ушанавання ганараваць яго медалём Герба “Пагоня” (25.03.1997), занесці ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь” і залічыць Ганаровым сябрам  клуба , як рупліўца ў зборы і захаванні нашай спадчыны.

 

У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца партрэт:

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

“Партрэт доктара філалагічных навук, прафесара, Ганаровага сябра клуба “Спадчына” Адама Язэпавіча Мальдзіса”. 2006.

ДВП, алей. 40х30 см.

Hosted by uCoz