ГЕНІЮШ Ларыса Антонаўна
(09.08.1910, былы маёнтак Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на – 07.04.1983), беларуская паэтэса, дзеяч беларускага Адраджэння. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 – 1948 гадах жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе была сакратаром прэзідэнта БНР. У час нямецкай акупацыі праследавалася ўладамі. 5 сакавіка 1948 г. арыштавана, знаходзілася ў турмах Чэхаславакіі, са жніўня ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1949 г. асуджана на 25 гадоў зняволення. Пакаранне адбывала ў лагерах Інта і Абедзь (Комі і Мардоўскай АССР, Расія). У 1955 г. датэрмінова вызвалена, але не рэабілітавана. Пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве Гродзенскай вобл., не прыняўшы савецкага падданства. Друкавалася з 1939 г. у эмігранцкіх выданнях. Раннія вершы гучалі ва унісон з голасам змагароў за волю ў Заходняй Беларусі. У зборніку паэзіі “Ад родных ніў” (Прага, 1942) – пераважала інтымная і пейзажная лірыка, туга па родным краі; у зборніках “Невадам з Нёмана” (1967) і “На чабары настоена” (1982) – роздум пра духоўную спадчыну народа, патрыятызм, адчуванне драматызму жыцця, еднасці чалавека з прыродай. Аўтар успамінаў “Споведзь” (1990), паэм “Маёй бабусі” (1989), “Даўніна” (1990), твораў для дзяцей. Помнікі Л. Геніюш устаноўлены ў г. Зэльва і ў г. Старыя Дарогі.
“Помнік паэтцы-пакутніцы Беларусі Ларысе Геніюш”.
Устаноўлены 10 снежня 2001 года. Медзь, чаканка, бетон. Кіраўнік праекта Анатоль Яўхімавіч Белы.
Скульптар Міхась Міхайлавіч Інькоў (1954. ).
Фігура 75х159х77 см: медзь, чаканка.
П’едэстал 172х60х40 см: бетон.
Уладзімір Іванавіч Слабодчыкаў (1953, Мінск).
Медаль Камітэту Ушанавання “Ларыса Геніюш. За руплівасьць на ніве беларускага пісьменства”.
Бронза, ліццё. Дм – 8,5 см.
Сямён Пятровіч Герус (1925 – 1998, Мінск).
“Партрэт паэтэсы Ларысы Геніюш”.1993.
Змешаная тэхніка. 61х46 см.
Невядомы мастак.
“Ларыса Геніюш”.
Папера, аловак. 23х18 см.
Леанід Змітравіч Шчамялёў (1923, Мінск).
“Ларыса Геніюш”. 1998.
Палатно, алей. 100х84 см.