logo01

logo01

ДВАРЧАНІН Ігнат Сымонавіч

(08.06.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на – 08.12.1937),  грамадскі дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, вучоны, пісьменнік, паэт, літаратуразнавец. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пражскага універсітэта (1925) са ступенню доктара філасофіі. Сакратар культурна-асветніцкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве. Супрацоўнік газеты “Дзянніца”.  3 чэрвеня 1917 г. уступіў у БСГ, удзельнічаў  у падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда 1917 года, рабоце Цэнтральнай Беларускай вайсковай Рады. У Празе стаў старшынём Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, з У.Жылкам выдаваў часопіс “Перавясла”, “Прамень” (друкаваў артыкулы і вершы). Выкладаў літаратуру ў беларускай гімназіі. Склаў “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)” (Вільня, 1927), якая адыграла ролю ў школьным навучанні і патрыятычным выхаванні заходне-беларускай моладзі.  Сябар Беларускай Рады, якая аб’ядноўвала беларускую эміграцыю ў Чэхаславакіі. З 1926 г. у Вільні уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду (БСРГ). У 1928 г. абраны ў польскі сейм, удзельнік беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба “Змаганне”. Уваходзіў у кіраўніцтва Таварыства беларускай школы.  У 1930 г. арыштаваны польскімі уладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. У 1932 г. абменены і дастаўлены ў Беларусь. Працаваў у АН Беларусі па вывучэнні Заходняй Беларусі. 16 жніўня 1933 г. арыштаваны агентамі НКУС па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Пакаранне адбываў на Салавецкіх астравах. Паводле прыгавору “тройкі” ад 25.11.1937 г. прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па двух прыгаворах у 1956 г. ваенным трыбуналам БВА. У г.п. Дзятлава ўстаноўлены помнік І. Дварчаніну, на радзіме ў в. Погіры ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (1939, Мінск).

“Дварчанін Ігнат” З нізкі “Дзеячы Беларускага нацыянальнага Адраджння”. 2005.

Кераміка, вашчэнне. 30 х 15 см.

 

Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск).

“Ігнат Дварчанін – грамадскі дзеяч  беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, вучоны, пісьменнік, паэт, літаратуразнавец”. 1999.

ДВП, алей. 40х30 см.

Hosted by uCoz