СІПОВІЧ Чэслаў (Часлаў)
(25.11.1914. в. Дзедзінка Браслаўскага пав. Віленскай губ.– 04.10.1981. Лондан. Пахаваны на могілках св. Панкрата), каталіцкі святар усходняга абраду, тытульны біскуп марыянетанскі, апостальскі візітатар беларусаў-каталікоў у эміграцыі, манах-марыянін, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., адзін з вядомых беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экунуменізму, гісторык, культуролаг, пісьменнік, публіцыст, перакладчык. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В.Д-я), А.Дзедзінка (А.Дз-ка), Крывічанін і інш. Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям’і беларусаў-католікаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучань Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў (1928). Пасля пяці гадоў навучання ўступіў у навіцыянт. Прыняў часовы манаскі зарок і прадоўжыў вучобу ў гімназіі (1934). Пасля заканчэння вывучаў тэалогію і філасофію ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя. Па загаду польскіх адміністрацыйных улад Віленскага ваяводства выселены з Друйскага кляштора айцоў марыянаў. Прадоўжыў вучобу на тэалагічным факультэце Папскага Грыгарыянскага універсітэта ў Рыме. Пасвячоны ў святары (1942; паводле другіх звестак 1940). Абараніў доктарскую дысертацыю ў папскім Усходнім інстытуце, рэктар Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Вялікабрытаніі (1942). Сябар Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У складзе ініцыятыўнай групы беларускіх духоўных і свецкіх дзеячоў хадайнічаў перад папам Піем ХІІ аб адкрыцці Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Адзін з арганізатараў беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната пры Лонданскім доме марыянаў (1961). Удзельнік 2-га Ватыканскага сабора (1962 – 1965), дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Сябар Управы беларускага адукацыйнага і дапамаговага фонду ў ЗША (1965). Ініцыятар адкрыцця Беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны і музея пры ёй (май 1971). Удзельнік з’ездаў беларускіх каталіцкіх святароў у эміграцыі (1961, 1972). Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі эміграцыйнымі перыядычнымі выданнямі (“Беларус”, “Бацькаўшчына”, “Божым шляхам”). Публікаваў артыкулы рэлігійнай і культурна-грамадскай праблематыкі ў англамоўных выданнях. Сябар рэдкалегіі навуковага часопіса “The Journah ox Byelorussian Studies”.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942. Мінск).
“Партрэт уладыкі епіскапа грэка-католікаў Беларусі Чэслава Сіповіча” з нізкі “Дзеячы духоўнага Адраджэння Беларусі”. 2002.
ДВП, алей. 40х30 см.